БАДХЫ́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Марыйскай вобласці Туркменістана, у міжрэччы Тэджэна і Мургаба. Большая ч. на схіле ўзвышша Бадхыз — узгоркавым плато, якое з Пд абмежавана лагчынай Ерайландуз (20 км) з астанцавымі «сопкамі», саланчакамі, салёнымі азёрамі і інш. Засн. ў 1941 для аховы і вывучэння прыродных комплексаў пустыні Каракум і аднаўлення колькасці кулана. Пл. 88 тыс. га.
Расліннасць субтрапічная паўсаванная, разам з фісташнікамі стварае своеасаблівы ландшафт (з больш як 500 відаў вышэйшых раслін 10% эндэмікаў: цюльпан кушкінскі, кузінія бадхызская і інш.). Эфемеры і эфемероіды. У фауне 37 відаў паўзуноў, каля 250 птушак і 40 млекакормячых, у тым ліку кулан звычайны, джэйран, ліс, карсак, варан і інш. Выяўлены раней невядомы навуцы від гекона.
т. 2, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)